Радкі пра восень

Хутка, праз дзень ці праз тыдзень,
Восень дажджлівая прыйдзе
Яблыкі ў садзе атрэсці. (М. Танк)

Ходзіць восень па лесе.
Пастой, пастой, вабная.
Пастой са мной, добрая, вячыстая. (К. Кірэенка)

З дрэў сыплецца залатое лісце. (І. Шамякін)

Ярка, зусім не па-асенняму свяціла сонца. (А. Асіпенка)

Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. (Я. Колас)

Восень прайшла пралескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў. (У. Караткевіч)

Па-асенняму глуха шумяць сосны. (І. Шамякін)

Ходзіць восень ў свіце шэрай,
З непагодных хмар сатканых. (П. Броўка)

Мабыць, памыляюцца тыя паэты і пісьменнікі, якія бачаць у восені толькі адно заміранне жыцця. (І. Навуменка)

Пад сасонкамі, на ўзлессі, расцвітаюць верасы. (Я. Пушча)

Нікла жыцце ў шумным лесе,
Агаляўся твар зямлі,
І ляцелі ў паднябессі
З звонкім крыкам жураўлі. (Я. Колас)

Пра верасень той я не магу не думаць. (Я. Брыль)

Было ціха і па-асенняму празрыста ў чыстым высокім небе. (С. Грахоўскі)

У гэту журботную восень,
Здаецца, зямля ўся галосіць,
І вецер праклёны разносіць,
І пушча трывожна гудзе (П.Панчанка).

Восень. Ноч. Завываюць вятры. (П. Глебка)

На палях нерухома ляжала восень, шэрая, аднастайная. (І. Шамякін)

Восень ткала кужаль тонкі -
Павуціння белы лён. (Я. Колас)

Чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны асенні дождж. (В. Быкаў)

Замірае, сціхае мая залатая дуброва,
Асыпае, скідае на дол свой задумлівы ўбор. (Н. Гілевіч)

На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень павучкі...
Яе красёнцы-чаўначкі
Ў моры лесу мільгатнулі
І лісце ў багру апранулі.
І з кожнай лісцевай галоўкі
Глядзіць твар восені-свякроўкі... (Я. Колас)

Вераснёвая сцяжынка. Па баках - беразнякі. (Г. Бураўкін)

На балоце амаль скрозь па-асенняму цьмяна блішчала вада, абступаючы кусты лазы, высокія купіны і сям-там раскіданыя чэзлыя бярозкі ды хвойкі. (А. Марціновіч)

Схопленыя жаўцізной дрэвы свяціліся пад нізкім сонцам. (А. Жук)

Пачнецца абложная восень, пасыплюцца жалуды. (В. Вітка)

А восень-ключніца ідзе
Такою ціхаю хадою (П.Броўка).

Наўкол такая пагожая восень, што слоў не знайсці, каб выказаць прыгажосць (І.Грамовіч).

Восень зроду такой не была:
Залатая, пахучая, цёплая (Н.Гілевіч).

Візглівы вецер, як бы з вялікае злосці, ірваў апошнія з дрэў кляновыя лісты. (Ядвігін Ш.)

Восень дзіўная, як казка, вераснем цвіла (П.Прыходзька).

Цёплая, мяккая восень коціцца з жоўклай травой (М.Хведаровіч).

Жалобныя росы апаўшы ліст росяць,
Пажоўклая восень, плаксівая восень (Я.Пушча).

Бярозы яшчэ ў зелені, але руплівая восень паначапляла на іх "жоўтыя парашуты”, — так выдае, калі глядзіш аднекуль здалёку. (І.Пташнікаў)

А восень крамяная думала, што будзе вечнаю, такой крамянаю, як лета бабіна (Ю.Свірка).
