Кандрат Крапіва
"Байкам Кандрата Крапівы суджаны доўгі век не толькі таму, што пісьменнік падгледзеў сюжэты і характары для іх у жыцці, але і таму, што яны створаны на высокім мастацкім узроўні". (Р. Шкраба)
"Крапіва, безумоўна, вялікі майстар байкі і камедыі, але ён і добры лірычны паэт, і цудоўны бытапісец. Дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі, таму што пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі, ён бачыць у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае". (П. Глебка)
"Мы, купалаўцы старэйшага пакалення, з вялікай удзячнасцю і пашанай ставімся да Кандрата Крапівы - мага, чараўніка, які ўзбагаціў нашы думы, веды, абудзіў у нас жаданне ствараць дабро, служыць людзям". (З. Стома)
"Ёсць людзі, якія маюць як быццам не адно жыццё не адну біяграфію, - жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы чалавек тады не бяднее, а наадварот - узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам - сапраўдным сынам народа - мы называем і Кандрата Крапіву". (Я, Брыль)
"Цяжка пераацаніць плён сустрэчы тэатра з драматургіяй Кандрата Крапівы. Яна мела найвялікшае значэнне для станаўлення ў тэатры перш за ўсё грамадзянскай тэмы. Праблемы, якія ўзнімаюцца ў п'есах Крапівы, маюць агульначалавечае значэнне. Я як акцёр быў вельмі рады сустракацца з тыповымі, дасканага адшліфаванымі вобразамі". (Б. Платонаў)
"Кандрат Крапіва заўсёды ва ўсёй сваёй творчасці вылучаўся і вылучаецца выключнай шчырасцю, праўдзівасцю, высшай патрабавальнасцю. У гэтым ён сапраўдны прыклад для ўсіх нашых пісьменнікаў, якія па-сапраўднаму бяруцца за нялёгкую справу стварэння мастацкіх твораў. Ён ніколі не спяшаецца, доўга працуе, але затое кожны радок яго дасканала апрацаваны". (П. Броўка)
"Шырокая, разнастайная і складаная грамадская дзейнасць гэтага выдатнага сына беларускага народа. Кандрат Крапіва - пісьменнік не толькі Беларусі..." (А. Венцлава, літоўскі пісьменнік)
"Усё, што створана Кандратам Крапівой у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, пад сілу толькі вялікаму арыгінальнаму таленту пісьменніка-наватара, які ўвасобіў у сабе адзінства жыцця і літаратуры". (В. Чэрнікава)
"Яго творам уласцівы сплаў рэалізму, рамантыкі, гумару, непасрэднасці і філасофскай глыбіні. Яны сугучныя часу і зразумелыя народу". (В. Чэрнікава)
"Байкі і сатырычныя творы Крапівы адразу атрымалі ў літаратуры сталую "прапіску", сталі творамі хрэстаматыйнымі, па якіх вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне школьнікаў", (І. Навуменка)
"Пад уражаннем прачытанага ён яшчэ ў Койданаўскім гарадскім вучылішчы спрабаваў пісаць сам. Гэта былі вершы з налётам "сусветнай тугі". (Р. Шкраба)
"Для першых гумарэсак К. Крапівы характэрны незласлівыя, жартоўныя інтанацыі”. (Я. Казека)
"Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва”. (І. Кудраўцаў)