Радкі пра лес

Ўсё гамоніць вакол і шуміць, як даўней,
Гэты лес векавы, гэты бор (Я.Колас).

Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
І шле іх далёка... (Я.Купала).

Надыходзіў вечар. Вышыню, маўклівы, строгі лес паволі агортваў сіняваты прыцемак (І.Мележ).

Як жа сівер замкне азёры,
Распране густалісты лес? (А.Вялюгін).

Адышлі дні былыя ў песню.
Дзе сябры мае? Дзе яны?
Ходзіць вецер па жоўтым лесе
І не бачыць нідзе вайны (П.Панчанка).

Лес разрываўся невялічкімі палянкамі, на якіх рунела жыта. (Я. Колас)

За вокнамі снежныя казкі
Расказвае сцішаны лес. (С. Грахоўскі)

У лесе пахла растопленаю смалой (І. Чыгрынаў).

У грыбы выйду, клікну я раніцой - ярка рэха грыміць у бары. (Я. Непачаловіч)

А знізу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькія шаты. (Я. Колас)

Стромкі сухі бор песціць погляд сваёй цёмнай прытульнай зелянінай. (М. Зарэцкі)

Гэта быў акраек лесу, таго самага лесу, дзе і цяпер стаяць такія мілыя, слаўныя дубы. (Я. Колас)

Хоць няма ветру, а ўсё роўна лес шуміць. (П. Пестрак)

Пра ўсё нашэптваюць галіны,
Калі прыслухацца да іх. (В. Вярба)

На цябе, мой лес, як на цуд гляджу -
Ад сасновых крон да блакітных красак.
Палянка дыміцца пасля дажджу,
Як зялёная коўдра пасля гарачага праса. (П. Панчанка)

А лес маўчыць, глухі, таемны. (Я. Колас)

Лес — сонечны, дажджысты, росны.
Лес снежны, лес дзівосна розны (П. Марціновіч).

Лес цёмны з ветрам гаманіў (Я.Купала).

Там цягнуўся вялікі лес, густы і стары. (Я. Колас)

І слухалі разбуджаныя далі,
Як мірна шэпчуцца навокал саснякі. (А. Бачыла)

Азваўся лес тужлівым рэхам,
І ўсё замерла. (С. Грахоўскі)

Густы старадаўні лес дзвюма магутнымі сценамі абступаў дарогу. (Я. Колас)

Я слухаю пільна падінні,
Якія гаворыць мне бор. (К. Кірэенка)

У промнях сонца купаўся сіне-зялёны лес (А. Астапенка).

Я вынесу на тысячы дарог
Цябе, харошы, дружбавіты лесе,
І цеш ты сэрца салаўінай песняй,
Асеньвай прахалодаю мурог!.. (У. Дубоўка).

Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці, стаяў лес воддаль, побач з ракою. (Я. Колас)

Сонца садзіцца за лес рабрысты (А. Грачанікаў).

Ад паху мёрзлага лесу магла закружыцца галава (К. Чорны).

Я іду ў стары, дрымучы лес
Па знаёмых сцежках і палянах (М. Танк).

Беразняк вакол рос малады, чысты, бялюткі, адно верхавінкі чарнеліся, яшчэ не ўсыпаныя матылямі-лісцікамі. (В. Карамазаў)

Не, не спіць, не дрэмле
Старажытны бор. (Я. Колас)

Мы ідзём па сцяжынках, на якія не вернемся,
Мы ідзём па дзіцячых здзічэлых лясах (Р. Барадулін).

Мой край азёрны, край люстраны!
І сёння я з табою ўвесь —
З палямі, з трактарам старанным,
З табою, неўгамонны лес (П. Броўка).

Ад птушыных песень лясы загудзелі,
І лісце і травы ад росаў зардзелі. (Я. Купала)

Лес стаяў хмуры і трывожна-насцярожаны. Нерухомы, ён нібы, спаў, сагрэўшыся ў снегавой адзежы (А. Кудравец).

Старажытнасць глядзіць затуманеным воблікам
З курганоў прыдняпроўскіх, з пахмурных лясоў (П. Панчанка).

Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас)

Звыклыя гукі напоўнілі лясныя гушчары: у галлі заварушылася сонная птаха, піскнуў заяц, бязгучна мільгануў кажан. (М. Лынькоў)

Ціха ў лесе: не шапацяць бярозы, не чуваць, як вясной, птушынага спеву. (В. Шырко)

Нашы лясы - гэта наша скарбонка і свіран,
Наша камора жывіцы, і дзёгцю, і ягад,
Мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны. (М. Гусоўскі)

Лес жыў сваім адметным жыццём таемнасці і зачараванасці. (В. Адамчык)

Раса паступова высыхала, і лес напаўняла паркая духмень, перамешаныя пахі травы, сосен, суніц. (І. Мележ)

Звонкаструнны ты, мой лесе,
Галасісты гай,
Для мяне, якую хочаш,
Песню заспявай (А. Русак).

Затое ў лесе, змярцвелым і суровым, было зацішна і нават цёпла (А. Асіпенка).

Я праязджаю тым маршрутам
Праз беларускі лес-гушчар,
Якім, скаваўшы думы ў путы,
Паэта гнаў у ссылку цар (А. Александровіч).

Людзей не знаў лес гэты хмурны (Я. Купала).
