Радкі пра вясну

Як добра ранняй вясной у сасновым лесе! (В. Вольскі)

Люблю вясну, калі дыміцца
Праталіна, бушуе сок. (А. Бялевіч)

У твар дыхнула водарам вясны. (Г. Бураўкін)

Яшчэ на ўзлессі снег ляжыць,
Але шпакі ужо шчабечуць,
Звіняць да змроку капяжы,
І кроплі падаюць на плечы. (С. Грахоўскі)

Прайшла вятрыстая вясна,
Другая йдзе зялёная. (У. Ляпёшкін)

Крыху спозненая, але дружная вясна набірала ўсё болей і болей жыватворных сіл. (Я. Колас)

Жыццё, прашу, ты сыну дай
Вясны пагодліва-багатай. (В. Жуковіч)

Вясна ў поўным росквіце. (А. Якімовіч)

Зруйнаваны дашчэнту межы,
Прастораў зрокам не абняць,
Да іх павольна з ветрам свежым
Прыходзіць бурная вясна. (П. Глебка)

Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі. (А. Куляшоў)

Я пакораны ўладай тваёй,
Чараўніца-вясна
Першым буйным дажджом,
Першым грукатам перуна. (А. Звонак)

Цвітуць сады на Случчыне маёй.
Мядовы пах над цэлым краем вее. (А. Астрэйка)

Прачыналася прырода на прыгрэве ад зімовага сну, абуджаліся і рваліся ў нязведаныя далі парыванні і помыслы юнака. (С. Александровіч)

Я люблю вясновыя спатканні -
З жураўлямі ў лузе на світанні,
З краскамі, з цяплом лістоты клейкай
І жывой арэхавай жалейкай. (К. Кірэенка)

Плывуць насустрач сонечнай вясне
На рэках крыгі з шоргатам і трэскам. (С. Грахоўскі)

Ходзіць, як казка, па свеце
Светлы і радасны май. (А. Астрэйка)

Вітаю вясну, што прыйшла на палі. (М. Танк)

У белым убранні прыходзіць вясна. (П. Глебка)

Пад майскім лёгкім сонейкам маўклівы,
Зачараваны ў мураве стаю. (В. Жуковіч)

Мінскія вуліцы былі мокрыя ад апошняга скіданага ў дварах снегу. (К. Чорны)

Вясна паводкай захмяліла,
Густой расою апякла,
І з баразны тугая сіла
Ў гарачых жылах пацякла.
Вясна іскрыцца над зямлёю,
Захутанаю ў лёгкі дым,
І свежай дыхае раллёю,
І пругкім ветрам маладым. (С. Грахоўскі)

Заплакала зіма пад капяжамі мільёнамі слёз. (Я. Колас)

Прыйшоў вясёлы красавік,
І ўся зямля красой запела. (А. Астрэйка)

Хоць быў ужо канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. (П. Кавалёў)

Акно адчынілася, у хату дыхнула вясной. (Я. Брыль)

На паляне ў светлым пералеску
Расцвілі, налітыя расой,
Сінія падснежныя пралескі
Пад аховай урачыстых хвой. (П. Панчанка)

У маі ткуцца дзівосныя ранкі -
Калі на траве буйныя кроплі расы. (В. Жуковіч)

Першыя громы! Сэрцу вы мілы,
Люб мне ваш смех паміж гор! (Я. Колас)

Памаленечку, але з кожным днём усё смялей і ўладарней наступала вясна. (Б. Сачанка)

Зацвілі вакол сады,
Збажына стаіць густая. (А. Зарыцкі)

Снег тая, і на вуліцы было шмат вады. (М. Лупсякоў)

Ідзе вясна ў шумлівых водах.
У звонкім срэбры ручаёў
І разлівае мяккі подых,
Як песню нейкую без слоў. (Я. Колас)

Снегу на полі не было зусім, і яно пакрывалася ўжо свежай пяшчотнай зелянінай. (Т. Хадкевіч)

Вясна, вясна! О, колькі ў табе шчасця! (Я. Купала)

Вось цяпер ніхто не скажа,
Што спазнілася вясна. (М. Лужанін)

Будуць свежым лісцем
Шалясцець бярозы. (М. Васілёк)

Ідзеш і радуешся вясноваму сонцу. (К. Чорны)

Вясна прыйшла ў магутным шуме паводак, у серабрыстым шуме ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў, у шаўкавістым шапаценні першай зеляніны на пожнях. (Т. Хадкевіч)
