Як жыць - дык жыць для Беларусі...

Меню сайта
Воблака тэгаў
Форма ўваходу
Пошук
Катэгорыі раздела
Са святам!! [19]
Віншаванні з розных нагод
Новае на сайце [60]
Што з'явілася новае
Аб'явы [8]
Рознае
Надвор'е
Падзяліцца
Яшчэ кнопкі
Наведвальнікі
А ў нас...
Галоўная » 2014 » Люты » 5 » Адказ на ліст Таццяны пра інтэрактыўныя дошкі
20:35
Адказ на ліст Таццяны пра інтэрактыўныя дошкі
Шаноўная Таццяна!
На вялікі жаль, не змагла адказаць Вам праз электронную пошту, таму пішу тут.

Пачну з таго, што "пад рукой".
Па-першае, дошкі бываюць некалькіх відаў (электрамагнітная, лазэрная, сэнсарная, аптычная). Вам трэба даведацца, якая ў Вашай школе. У нашай, здаецца, стаіць аптычная, калі не памыляюся. У трох першых групах дошак паверхня белая, цвёрдая, у сэнсарнай паверхня больш мяккая. На электрамагнітнай дошцы можна працаваць толькі пры дапмозе спецыяльных маркераў (яны і выглядаюць як звычайныя маркеры-фламастары). На астатніх дошках можна перасоўваць малюнкі, тэкст і г.д. проста рукой.

Да кожнай дошкі павінен быў дадавацца дыск з праграмай (каб можна было працаваць з ёй). Праўда, у нас праграма была залішне простая, і наш інфарматык знайшоў у інтэрнэце праграму Smart Notebook, яна цудоўна падыйшла да нашай дошкі, зараз мы ствараем урокі толькі ў гэтай праграме. У Вас можа быць нейкая іншая праграма, усё залежыць ад  дошкі.
 
Адразу хачу папярэдзіць, што я не ведаю такую праграму, якая б падтрымлівала беларускую мову. Гэта значыць наступнае: у праграме да Вашай дошкі будзе набор гатовых анімацыйных шаблонаў. Напрыклад, можна падбіраць пару да слова, а праграма сама будзе адкідваць (анімацыйна) люшняе. Гэтымі шаблонамі у нашай школе карыстаюцца амаль усе. Акрамя настаўнікаў беларускай мовы, бо ў саму праграму беларуская мова не закладзена, і праграма не можа распазнаць тэкст, Але гэта датычыцца толькі гатовых шаблонаў. Хаця... Час ідзе, і можа стацца так, што Ваша школьная дошка акурат і падтрымлівае беларускую мову. Як гэта праверыць? Калі самі не зможаце, папрасіце інфарматыка ўвесці ў шаблоне тэкст па-беларуску. Калі ў Вас усё запрацавала, то я Вам шчыра пазайздрошчу.

Магу некалькі слоў сказаць пра гэтыя шаблоны. Напрыклад, у праграме Smart Notebook ёсць такая цікавая флэш-анімацыя: два водавароты размяшчаюцца на дошцы. Настаўнік дома загадзя падбірае словы, якія патрэбна падзяліць на дзве групы. Кожны такі водаварот можна падпісаць зверху. Вучань выбірае слова і перасоўвае яго да пэўнага водавароту. Калі ўсё зроблена правільна, то слова "знікне", "патоне", калі не - то слова выкіне назад. На беларускай мове я такое зрабіць не змагла: усе словы сталі выглядаць нейкімі "краказябрамі".

ЗАТОЕ мы можам пісаць, маляваць, падкрэсліваць, рабіць схемы, устаўляць музыку, фільмы і многа чаго яшчэ.

ВАЖНА!!! ДОШКА І ПРАЕКТАР ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗАФІКСАВАНЫ, ІНАЧАЙ ПІСАЦЬ НА ЁЙ БУДЗЕ ВЕЛЬМІ ЦЯЖКА (СПЕЦЫЯЛЬНЫМІ МАРКЕРАМІ, НЕ РУЧКАМІ І ФЛАМАСТАРАМІ, КАНЕЧНЕ). У чым праблема: у нас дошка на калёсіках і пры мінімальным груку (вучань пратупаў перад дошкай) ці калі дошку трохі змясціць (хопіць і пары сантыметраў), то з'яўляюцца праблемы. Вы націскаеце на экран дошкі ў адным месцы, а "прыцэл" збіўся, і напісаць слова - цяжкая справа. Калі дошка ў Вас не зафіксавана, то пісаць трэба з асцярожнасцю. Затое можна падкрэсліваць )))


Што ж застаецца нам, няшчасным настаўнікам? Мы можам друкаваць тэкст на ёй, як у прэзентацыі. Уявіце сабе, што вы робіце амаль звычайную прэзентацыю (тэкст, малюнкі, табліцы), але любы элемент гэтай прэзентацыі можна перасунуць, уставіць у іншае месца. Напрыклад, я ў 5 класе надрукавала загадкі, а адгадкі схавала пад малюнкамі. Калі вучань загадку адгадаў, то ён ідзе да дошкі і адсоўвае малюнак убок. 

Можна малюнак, тэкст адным рухам рукі ўстаўляць у табліцу. Вы дома друкуеце пустую табліцу (толькі з загалоўкамі), а дзеці на ўроку, напрыклад, павінны размеркаваць словазлучэнні па відах сувязі - у тры ячэйкі табліцы. Вучань можа маркерам ці рукой перасунуць слова ў патрэбную ячэйку табліцы. У наступную можна нават малюнак "пакласці". 

Мне вельмі падабаецца ўстаўляць відэа-і аўдыёфайлы. Яны ў мяне на пэўным слайдзе пішуцца ўнізе, проста тэкстам ( напрыклад, "Пінская шляхта". Калі ж я націскаю на гэтыя словы, то файл адкрываецца. Вельмі зручна, таму што ў звычайную прэзентацыю музыка ўстаўляецца не заўсёды (патрэбна правільна яе захаваць). У праграме Smart Notebook відэа і аўдыё адразу захоўваюцца (у самой праграме, у Вашым уроку, які Вы ствараеце), і можна не перажываць з-за таго, што на наступны дзень нешта не адкрыецца.

У нашай праграме ёсць яшчэ магчымасць зацямнення экрана і "фіранка". Зацямненне - гэта добрая штука: вы абводзіце некалькі слоў, або кавалак тэксту, або малюнак - і ўся астатняя дошка зацямняецца, светлым застаецца толькі абведзены ўчастак. Вельмі карысна, калі  Вы жадаеце засяродзіць увагу вучняў на пэўным слове і г.д. Фіранка - таксама добрая штука: частка экрана проста закрываецца шэрай засланкай. Яе можна перасоўваць уверх-уніз і ўправа-ўлева. Вы можаце закрыць увесь экран або яго частку (напрыклад, этапы задання, каб вучні не спяшаліся, або правільныя адказы). Пасля фіранка адсоўваецца/апускаецца - і дзеці бачаць астатнюю частку экрана. Можна нават ячэйкі ў табліцы так хаваць.

Як выкарыстоўваць на ўроку. Спачатку зрабіце нешта самі, пасля пакажыце 1-2 вучням. Астатнія самі захочуць, паверце. Дзецям вельмі падабаецца самім кіраваць праектам, нешта перасоўваць, нешта маляваць. 
Прыклады прымянення:
1. На дошцы  у 1 слупок напісаны назвы беларускіх месяцаў, у 2 - назвы на рускай мове (яны пераблытаны). Вучань бярэ маркер і "малюе": злучае правільныя адказы. 
2. Можна тыя ж назвы проста надрукаваць ў адвольным парадку. Тады задача вучняў такая: пастаціць іх па парадку. Можна рукой (калі дошка дазваляе), можна маркерам. 
3. Выканаць сінтаксічны разбор. Сказ ужо надрукаваны, вучань яго разбірае і малюе схему.
4. Вы на папярэднім уроку пісалі слоўнікавы дыктант, выбіраеце адну з работ, сканіруеце і вывешваеце на дошцы. Пасля бераце маркер і чырвоным колерам выпраўляеце памылкі. 
5. Зверху друкуеце словы, каб уставілі літары, унізе экрана за фіранкай схаваныя правільныя напісанні. Спачатку правяраюць дзеці, пасля Вы апускаеце фіранку і можна пераправерыць. 
6. Добра праводзіць рэфлексію: мы і ёлачку шарыкамі ўпрыгожвалі, і ноткі на нотны стан вешалі, і букет з рознакаляровых руж збіралі. Дзеці вельмі гэта любяць рабіць. 

Такім чынам, дошка не будзе ў Вас выкарыстоўвацца на кожным ўроку, бо і Вам будзе цяжка, і дзеці ўспрымаюць яе як забаўку. Але пры дэманстрацыі аўдыё і відэа, пры пазакласных мерапрыемствах, на адкрытых уроках я яе выкарыстоўваю. Або калі знайду цікавы матэрыял. Вывад: працаваць з такой дошкай можна вельмі хутка навучыцца, і час ад часу яна Вам спатрэбіцца.
Праглядаў: 1020 | Дадаў: migalayte | Рэйтынг: 0.0/0
Усяго каментарыяў: 0
dth="100%" cellspacing="1" cellpadding="2" class="commTable">
Імя *:
Email:
Код *:
Каляндар
«  Люты 2014  »
ПнАўтСерЧцПтСбНд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728
Архіў запісаў
Наша апытванне
Дайце ацэнку сайту
Усяго адказаў: 281
Нашы госці
Нашы госці
free counters
Воблака тэгаў
навіны праграмы і планаванні са святам школы праграмы і планаванне нарматыўка спампаваць карысныя сайты метадычны куфэрак алімпіяда алімпіядныя заданні моўныя залацінкі навучальныя ўстановы словы пра творцаў універсітэты пісьменнікі і паэты фотаздымкі конкурс школа вучням партрэты мова фразеалагізмы настаўнікам граматыка літаратура віншую глаголіца фанетыка новыя правілы даследчая дзейнасць генеалогія антрапаніміка настаўніку арнаменты прэзентацыі марфалогія арфаграфія факультатывы кірыліца марфеміка сінтаксіс граматычныя разборы радавод рэкамендацыі для прэзентацыі шаблон прэзентацыі гульні загадкі крыжаванка прыказкі графіка дыпломы пазлы святы інтэрактыўная дошка урок вуснае выказванне
Спасылкі
  • Блог Глеба Лабадзенкі
  • Родныя вобразы
  • Віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры
  • Нацыянальны інстытут адукацыі
  • Мой блог
  • Жыццё сайта
    Статыстыка

    Усяго анлайн: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    Copyright MyCorp © 2024
    Сайт создан в системе uCoz