logo01

logo01

«АДРАДЖЭНЦЫ БЕЛАРУСІ»
Выданнне культурна-асветнага клуба «Спадчына», прысвечанае 90-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублiкi

 

Прайшло ўжо амаль стагоддзе з таго моманту, калі наш народ, у асобах яго законна абраных прадстаўнікоў, заявіў на ўвесь свет пра тое, што Беларусь зрабіла гістарычны выбар на карысць незалежанасці, волі і дэмакратыі. Гістарычны працэс паўстання рэальных умоваў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь расцягнуўся на доўгія, трагічныя дзесяцігоддзі, каштаваў нашаму народу шматмільённых ахвяраў і тэрытарыяльных стратаў. Але ў 1991 годзе незалежнасць стала нашай звычайнай будзённасцю. Гэта адбылося так імкліва, што да гэтай пары не знікаюць падставы для спрэчак аб тым, што стала прычынай здзяйснення гэтай спрадвечнай мары лепшых беларускіх сыноў: логіка гістарычнага працэсу ў Беларусі, спеласць нашага грамадства ці выпадковасць?


Калі ўдумацца, глянуць на перспектыву развіцця і скону ўсіх імперыяў, то вымалёўваецца гістарычны працэс, які ў найбольш сканцэнтраванай форме абагульніў беларускі філосаф Валянцін Акудовіч у сваёй надзвычай палемічнай кнізе “Код адсутнасці”, дзе ён, у прыватнасці, адзначыў: “Было б залішне рамантычна (ці містычна) звязваць паўстанне Беларускай дзяржавы з выпадкам, палітычнымі інтрыгамі, суб’ектыўнымі памкненнямі тых ці іншых асобаў. Тое, што (і як) адбылося найлепей сведчыць пра невыпадковасць таго, што абылося і што адно пацвердзіла тую тысячагадовую тэндэнцыю, у якой Беларусь ніколі не знікала як суб’ект “еўрапейскай прасторы”. З адной толькі розніцай (але звышкардынальнай) – цяпер гэта прастора зноў пачала вяртаць сабе статус суб’екту “еўрапейскай гісторыі”…


Мо таму мы з такой пільнасцю ўглядваемся праз смугу ваенных і гістрычных закалотаў ХХ стагоддзя, стараемся захаваць памяць пра тых нацыянальных дзеячоў і герояў, якія ахвяравалі жыццём для будучай Беларусі, імкнёмся зразумець той скарб, які нам передалі.


25 сакавіка 2008 года ўсё дэмакратычнае незалежніцкае грамадства Беларусі адзначыла вялікую гістрычную дату – 90-годдзе з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтаму нацыянальнаму святу былі прысвечаны шматлікія навукова-гістарычныя канферэнцыі, семінары, выдавецкія праекты, выставы, культурныя імпрэзы, масавыя мерапрыемствы пад сімваламі БНР – бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”. Мэта іх, як было адзначана ў “Канцэпцыі і плане адзначэння 90-годдзя БНР”, створанай Культурніцкай камісіяй грамадскага аб’яднання БНФ, акрамя інашага, – пашырэнне інфармацыі пра гісторыю і дзейнасць БНР ў Беларусі і па-за яе межамі, ушанаванне памяці выбітных дзеячоў БНР, а таксама іх наступнікаў…


Ну сапраўды, ці шмат мы ведаем пра тых беларусаў, якія стаялі ў вытокаў беларускага нацыянальнага руха – стваральнікаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (1902), якая ў наступным годзе стала называцца Беларускай Сацыялістычнай Грамадой? Кім былі гэтыя людзі, якія ўпершыню сфармулявалі і паставілі задачу здабыць незалежнасць для роднай Беларусі – А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, К. Кастравіцкі, В. Іваноўскі, Ф. Стацкевіч, А. Уласаў, А. Пашкевіч, А. Бурбіс і іншыя беларускія дзеячы? Як данесці да сучаснікаў імёны тых, хто прыбліжаў Незалежнасць БНР, без якой не было б і БССР, і сённяшняй Рэспублікі Беларусь? Вось задача тых, хто годна адзначае ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР.


Гэтыя высакародныя мэты блізкія і сябрам культурна-асветнага клуба “Спадчына”, якія з дапамогай розных даступных ім сродкаў (музейнага збора фонда Анатоля Белага, усталявання помнікаў на сядзібе гэтага музея, стварэння спецыялізаваных літаратурна-мастацкіх выданняў і інтэрнэт-сайтаў) імкнуцца данесці да як мага большай колькасці беларусаў звесткі пра тых айчынных дзеячоў, якія прысвяцілі сваё жыццё Адраджэнню беларускай нацыі: унеслі вялізарны ўнёсак у культуру, літаратуру і навуку Беларусі, спрыялі яе духоўнаму станаўленню. Але болей за ўсё ў гэты час важна аддаць даніну тым нацыянальна-дзяржаўным і ваенным дзеячам, вучоным, літаратарам – сапраўдным патрыётам Беларусі, якія сваім талентам спрыялі абвяшчэнню і стварэнню нашай Першай Незалежнай Дзяржавы – БНР, прымалі гераічны ўдзел у барацьбе за адстойванне ідэалаў, якія дэкларавалі ў гістарычных Устаўных Граматах яе “айцы-заснавальныікі”.


Гэта ў поўнай меры на працягу звыш 20-і гадоў ажыццяўляецца высілкамі сяброў клуба “Спадчына”. Сярод іх шмат прафесійных мастакоў, гісторыкаў, журналістаў, якія лічаць сваім гонарам ўшанаваць імёны першых прэзідэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністраў і дзеячоў Ураду БНР, на долю якіх выпаў сапраўды варты жыццёвы чын – несці ідэалы Незалежнасці і годна рабіць сваю справу ў эпоху распаду Расійскай “турмы народаў” і паўстання на яе аскепках новай імперыі – бальшавіцкай Расіі. Мэта гэтай працы – давесці сучаснікам, што беларуская Незалежнасць не была нейкай нечаканасцю, а вынікам самаахвярнай працы, ахвяраў лепшых прадстаўнікоў беларускага народа, імёны якіх за савецкім часам выкрэсліваліся з падручнікаў, з народнай памяці. Каб яны не маглі асэнсаваць тое, што без гістарычнай перамогі прыхільнікаў незалежнасці над “аўтанамістамі” ў 1918 годзе, сённяшняя Беларусь мела б у Расійскай Федэрацыі такі ж дзяржаўныя правы, як мае, скажам, Мардоўская аўтаномія! Ні пра якую незалежную Беларусь размовы весці нельга было б! Таму мы павінны не толькі ведаць імёны тых дзеячаў, якія стаялі ў вытокаў незалежнасці Бацькаўшчыны, сфармулявалі яе мэты і вызначаілі сродкі яе дасягнення, на тагачаных прававых падставах ажыццявілі крокі да таго, каб гэтыя мэты пачалі спраўджвацца. Насуперак ўсім гістарычным акалічнасцям і цяжкасцям, якія самі праз дзесяткі гадоў стварылі ўмовы для развалу СССР, рухаліся ў бок рэалізацыі ідэалаў незалежнасці . І гэта – гістарычная перамога БНР, а з ёй і тых тысячаў беларускіх герояў – інтэлектуалаў, духоўнікоў, вайскоўцаў, працаўнікоў і сялянаў, хто аддаваў жыццё, каб жыла Беларусь. Гэтымі пачуццямі павагі і даніны памяці Беларускім Тытанам прасякнута не адно мастацкае палатно са збору Музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд А.Белага).


Трэба адзначыць, што стваральнікі “Канцэпцыі і плана адзначэння 90-годдзя БНР” мелі на мэце толькі ўшанаванне памяці асобаў, што бралі ўдзел у абвяшчэнні, далейшай дзейнасці інстытутаў БНР на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Культурніцкая праграма “Спадчыны” – больш шырокая. Яна ўключае ў сябе ўшанаванне памяці не толькі змагароў “дабэнээраўскага” і “бэнээраўскага” перыядаў, але і тых, хто адстойваў волю і незалежнасць Беларусі пад час вызвольных паўстанняў 1794, 1830, 1861 гадоў, альбо быў у вытокаў нацыянальнай літаратуры, спрыяў палітыцы беларусізацыі ў БССР і за гэта быў рэпрэсаваны, браў удзел у антыбальшавіцкім супраціве пад час Слуцкага збройнага чыну, вёў падпольна-дысідэнцкую працу ў час брэжнеўскага “застою”, ствараў беларускія асяродкі ў гады гарбачоўскай “перабудовы”, вёў Беларусь да незалежнасці ў 1991 годзе…


Сродкі ўшаноўвання выбітных дзеячоў беларускага Адраджэння адрозніваюцца сваёй спецыфікай. У асноўным гістарычны ўнёсак у нацыянальную скарбонку тых ці іншых беларускіх інтэлектуалаў, палітыкаў і дзеячоў мастацтва сябрамі клуба ўганароўваецца ў выглядзе твораў выяўленчага мастацтва: алейных і графічных палотнаў, скульптурных кампазіцый і твораў медальернага мастацтва з іх партрэтамі. Усе гэтыя каштоўнасці захоўваюцца ў Музеі выяўленчага мастацтва (фонд Анатоля Белага), што прыватна створаны ў горадзе Старыя Дарогі. Як сведчыць гісторыя, у старажытнасці людзі лічылі, што выява таго ці іншага святога надае яму рысы бяссмяротнасці, бо спрыяе трываласці людской памяці пра дзеянні і яго чын.


Жрацы і царква стваралі жыціе сваіх багоў і святых, адначасова клапоцячыся аб іх іконаграфіі. Стваралася і кананізавалася ікона святога. Мастацкаму ўвасабленню героя надавалася надзвычай вялікая роля, так як толькі яно ў старажытныя часы несла значна большую частку інфармацыі аб партрэтаваным, эмацыянальна ўздзейнічала на пачуцці народа і вернікаў.


Ва ўсе гістарычныя часы вялікія цывілізацыі, пачынаючы са Старажытнага Егіпта, а пасля грэчаскай, рымскай і, завяршаючы хрысціянскай культурай, рухаліся ў напрамку знітавання жыція і іконаграфіі, спачатку багоў, пасля герояў, нават пераможцаў алімпіяд, а потым святых, апосталаў, пакутнікаў за рэлігію, айцоў царквы, князёў і ўладароў. Далей не апускаліся.


Ужо ў ІХ стагоддзі Візантыя стварае “Мінье Четьі” – рэлігійныя зборнікі жыццяпісаў, казанняў і павучэнняў, складзеных у паслядоўнасці дзён кожнага месяца. Гэтая традыцыя перайшла і на землі Кіеўскай Русі, а таксама на іншыя княствы Русі. У выніку ўзвышэння Маскоўскай дзяржавы, і яе імкненнем ідэалагічна абаснаваць свае правы на ўсе былыя рускія княствы, пры мітрапаліце Макарыі (1482 – 1563) ствараецца агульнарускі культ святых, куды ў 12-ці вялікіх тамах “Вялікія Мінье-Четьі” заносяцца жыціі ўсіх святых, якіх кананізавалі на саборах 1547 і 1549 гадоў.


Сюды ўвайшлі ўсе святыя і выдатныя царкоўныя дзеячы, якія ўшаноўваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сумесна з жыціем святых паклапаціліся аб стварэнні іх ікон.


За час панавання бальшавіцкай ідэалогіі гэты працэс пастараліся перарабіць на свой лад. З аднаго боку шалёна кананізавалася іконаграфія толькі “вождей” і “небожителей”, а з другога – ішло шалёнае знішчэнне ўсіх ікон. Бязлітасна знішчалася людская памяць аб сапраўдных героях народа. Справа дайшла да таго, каб знікла нават зрокавая памяць аб сваяках, радні і блізкіх людзях, якія былі аб’яўлены “ворагамі народа”. За захаванне іх фотаздымкаў усе, улічаныя ў такой “крамоле”, каралія ссылкамі ў ГУЛАГі, на катаргу, расстрэламі.


Вось чаму праблема вяртання іконаграфічных твораў мастацтва дзеячоў беларускага нацыянальнага Адраджэння стала надзвычай злабадзённай ў нашыя часы. Па-першае, толькі праз формы высокага мастацтва ствараецца мажлівасць увесці нашых нацыянальных адраджэнцаў у пантэон святых і бессмяротных. Па-другое, дае мажлівасць нашаму народу найболей поўна ўспрыняць вобразы партрэтаваных, як на ўзроўні навуковага пазнання, так і на эмацыянальным і эстэтычным, што спрыяе лепшаму захоўванню памяці аб нашых нацыянальных змагарах і адраджэнцах.


На гэтую асаблівасць мастацкіх твораў – партрэтаў, тэматычных жывапісных палотнаў, скульптурных выяў і медалёў пастаянна звяртае ўвагу ўладальнік музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах Анатоль Яўхімавіч Белы.


Менавіта таму гэты музей стаў метадычным цэнтрам, дзякуючы якому да беларусаў вяртаюцца імёны забытых постацяў беларускай гісторыі і культуры, забароненыя творы літаратуры і мастацтва, увекавечваюцца незабыўныя старонкі беларускай мінуўшчыны. Мо таму на сядзібе гэтага музея ўзнік своеасаблівы, адзіны ў краіне Пантэон Вялікіх Беларусаў мінуўшчыны і цяперашняга часу: збор помнікаў выбітным суайчыннікам, якім сённяшняя ўлада нічога ўсталёўваць не збіраецца. Бо не лічыць гэтых патрыётаў сваімі духоўнымі папярэднікамі…


Цяпер на чарзе новы праект культурна-асветнага клуба “Спадчына” – сайт “Адраджэнцы”, які прысвечан 90-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На ім у даступнай форме адлюстроўваюцца этапы жыцця, дзейнасці і змагарнага чыну тых нашых суайчыннікаў, якія ў самых неспрыяльных палітычных умовах рухалі нацыянальную культуру і мастацтва, прапагандавалі і адстойвалі правы роднай мовы, ішлі ў бой з лютым ворагам, каб абараніць волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.


Гістарычна-мастацкае стварэнне сайта “Адраджэнцы” – мемарыяльнае і культурна-асветнае. З яго зместу можна будзе пазнаёміцца з кароткай біяграфіяй таго ці іншага дзеяча нацыянальнага Адраджэння, палітыка ці вайскоўца, убачыць яго партрэт ці помнік, калі той ушанаваны ў Пантэоне музея ў Старых Дарогах. Усе партрэты дзеячоў нацыянальнага Адраджэння, што вы зможаце убачыць побач з тэкстамі біяграфій, належаць пэндзлю мастакоў – сяброў клуба “Спадчына”, альбо тым мастакам, якія ахвяравалі свае працы музею Анатоля Белага. У гэтым і ўнікальнасць музейнага збору Анатоля Белага і гэтага мемарыяльнага выдання.


Калі глядзець на нашу прышласць, то перад Беларуссю, яе народам, яе ідэолагамі, якія сапраўды клапоцяцца аб дзяржаўнай ідэалогіі, паўстае вялікая задача стварэння сваіх новых беларускіх дзяржаўных “Менье-Четье”, дзе будуць найбольш поўна, паслядоўна і падзённа пададзены жыццяпісы ўсіх вялікіх дзеячоў Беларусі, якія аддавалі сваё жыццё, сілы, здароўе на яе Адраджэнне, на вяртанне яе незалежнасці.


Сайт “Адраджэнцы” з’яўляецца працягам папярэдніх сайтаў, створаных сябрамі клуба “Спадчына”, такіх як: www.spadchina.narod.ru, www.spadchyna.org, www.pakutniki.narod.ru. Гэта тыя першыя, але ўжо істотныя цаглінкі у гэтай вялікай і святой справе ушанавання памяці нашых змагароу і адраджэнцау. Але мы цверда верым, што будуць другія больш фундаментальныя працы у гэтым накірунку. Мы верым і няхай пашчасціць нам Бог.


Сайт “Адраджэнцы” складаецца з сямі раздзелаў:
1. Змагары за Адраджэнне Беларусі.
2. Дзеячы “нашаніўскага” перыяду Адраджэння Беларусі.
3. Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі.
4. Дзеячы нацыянальнага Адраджэння Заходняй Беларусі.
5. Дзеячы беларускага Замежжа.
6. Сучасныя дзеячы беларускай культуры і нацыянальнага Адраджэння.
7. Сябры клуба “Спадчына” – змагары за нацыянальнае Адраджэнне Беларусі.


Гэтыя раздзелы і іх назвы можна лічыць умоўнымі, бо адны і тыя ж постаці беларускага нацыянальнага Адраджэння можна змясціць у некалькіх раздзелах.


Вядомыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння ўнеслі свой значны ўклад у развіццё той ці іншай галіны навукі, культуры, мастацтва, жылі на стыку розных гістарычных перыядаў, і пагэтаму яны могуць быць змешчаны ў тых ці іншых раздзелах.


Складальнікі і аўтары персаналій у сайце ўсё ж змаглі больш-менш дакладна вызначыць, у які раздзел змясціць тую ці іншую персаналію.


Складальнікі гэтага сайта выказваюць падзяку тым сябрам клуба “Спадчына”, якія спрычыніліся да яго стварэння: прафесару Міколе Савіцкаму, Івану Антанюку, Ігару Курыцыну, Міколе Лавіцкаму, Уладзіміру Ліпскаму, Івану Макавецкаму, Аляксандру Пухоўскаму, Але Саскавец.


Асобныя нашыя падзякі фатографам Сяргею Плыткевічу і Аляксандру Семяняку, а таксама тым, хто фундаваў грошы на тое, каб гэты сайт убачыў свет.


Яшчэ раз вялікае Вам дзякуй, бо сваім грамадзянскім учынкам Вы падарылі гэтую працу Бацькаўшчыне, якой так не хапала ёй, і паднеслі яе да нашага нацыянальнага свята – Дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Анатоль Белы, старшыня культурна-асветнага клуба “Спадчына”
Надзея Сармант, сакратар культурна-асветнага клуба “Спадчына”
Анатоль Валахановіч, гісторык, сябар культурна-асветнага клуба “Спадчына”
Анатоль Мяльгуй, журналіст, сябар культурна-асветнага клуба “Спадчына”

 
Hosted by uCoz